Солодкая Надежда

 

ЛЯ КАПЛІЧКІ

Павініся, Айчына! Кайся,

Што паслала сыноў за горы!

Той паход непамысным стаўся,

Абярнуўся пякучым горам.

 

Даравання прасіць у Бога

Нам – за вас, за чыноў уладных,

За растрату жыцця зямнога,

Што згубілася ў войнах чадных.

 

Вам – каплічка з чырвонай цэглы,

Як пясок у чужым Афгане,

Што трымаў пад сваім прыцэлам,

Засыпаючы вашы раны…

 

Памалюся, сагну калені…

Боль крыві – гэта ўжо навечна.

Вусны шэпчуць за вас маленне,

І слязьмі аплываюць свечкі.

// Сцяг перамогі (Лёзна). — 2011. — 15 лют. — С. 3